Хроніка Віцебскай дыяцэзіі

Віцебская Рыма-каталіцкая дыяцэзія была створана 13 кастрычніка 1999 года папам Янам Паўлам II (Апостальская Канстытуцыя Ad aptius conselendum). У той жа дзень першым біскупам Віцебскай дыяцэзіі Ян Павел II прызначыў ксяндза Уладзіслава Бліна, пробашча архікатэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве і магілёўскага дэкана. Генеральным вікарыем дыяцэзіі быў прызначаны ксёндз прэлат Францішак Кісель, пробашч касцёла святога Андрэя Баболі у Полацку.
Са стварэннем Віцебскай дыяцэзіі віцебскі парафіяльны касцёл святой Барбары быў узведзены ў ранг катэдральнага, у якім 20 лістапада адбылося пасвячэнне першага Віцебскага ардынарыя Уладзіслава Бліна. Дэвізам свайго біскупскага служэння ён абраў словы Soli Deo («Адзінаму Богу»).
У Віцебскую дыяцэзію ўвайшла частка тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (суфраганія ў Мінска-Магілёўскай Мітраполіі), а цалкам тэрыторыя новай дыяцэзіі ахоплівае абшар Віцебскай вобласці і складае 40,1 тысяч км². На момант стварэння дыяцэзіі насельніцтва вобласці складала 1, 4 млн чалавек, з якіх каля 140 тысяч былі католікамі.
Нябеснымі апекунамі Віцебскай дыяцэзіі былі абраны Езус Міласэрны, Найсвяцейшая Панна Марыя — Маці Касцёла, святая Барбара і святы Язафат Кунцэвіч, біскуп і мучанік.
У пачатку свайго існавання дыяцэзія складалася з пяці дэканатаў і ўключала ў сябе 53 парафіі, там сваё служэнне неслі 33 святары і 33 законныя сястры; у гэты ж час у дыяцэзіяльных і законных семінарыях навучаўся 31 клерык.
13 мая 2000 г. у віцебскім катэдральным кацёле св. Барбары адбыліся першыя з моманту стварэння Віцебскай дыяцэзіі прэзбітэрскія пасвячэнні, якія атрымалі пяцёра дыяканаў — Марат Казлоўскі, Вячаслаў Барок, Ян Пугачоў, Валянцін Станкевіч і Алег Буткевіч, будучы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. На святой Імшы з гэтай нагоды прысутнічаў і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі.
Са стварэннем новай дыяцэзіі трэба было вырашыць шмат задач як арганізацыйнага, так і душпастырскага характару. Большая іх частка была вырашана да першага юбілею дыяцэзіі, які святкаваўся ў 2004 годзе — заснаванне дыяцэзіяльных структур, стварэнне дыяцэзіяльнай курыі Віцебскага капітула, дыяцэзіяльнага суда, будаўніцтва новых святынь і г.д.
У 2001 годзе біскуп Уладзіслаў Блін здзейсніў першую кананічную візітацыю парафій у новастворанай Віцебскай дыяцэзіі. Наступныя візітацыі праходзілі ў 2006 – 2007 гг. і 2010 – 2012 гг.
У 2004 годзе ў дыяцэзіі налічалася 83 парафіі ў дзевяці дэканатах. Сваё пастырскае служэнне спаўнялі 93 святары і 75 законных сясцёр; а дыяцэзіяльных і законных семінарыях вучылася 42 клерыка.
На тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі працуюць тры санктуарыя — у Браславе, Шуміліне і Удзеле.
У 1999 г. біскуп Уладзіслаў Блін менаваў браслаўскі касцёл Нараджэння Маці Божай, у якім знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай, марыйным санктуарыем Маці Божай Валадаркі Азёраў.
22 жніўня 2009 г. адбылася каранацыя абраза папскімі каронамі. Узначаліў святую Імшу і каранаваў абраз кардынал Ёахім Майснер, Мітрапаліт Кёльнскі (Германія).
З браслаўскай парафіі паходзіць і другі віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч, які атрымаў біскупскае пасвячэнне 18 студзеня 2014 г. У свой час у браслаўскім касцёле Алегу Буткевічу быў удзелены сакрамэнт хросту, тут ён прыняў Першую святую Камунію. У маі 2000 г. новапрэзбітэр Алег Буткевіч цэлебраваў тут прыміцыйную Імшу. 2 лютага 2014 г., у свята Ахвяравання Пана, біскуп адслужыў у родным касцёле першую Імшу ў якасці біскупа.
У санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе знаходзіцца капліца святога Яна Паўла ІІ. З правага боку у святыні публічна выстаўлены для ўшанавання рэліквіярый з крывёю святога Яна Паўла ІІ. Яго ў браслаўскі санктуарый у 2015 г. праз кс. Пятра Філяса SDS, правінцыяла ордэна сальватарыянаў, перадаў кардынал Станіслаў Дзівіш. У святыні знаходзіцца яшчэ адна рэліквія — змешчаная за шклом сутана Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Яна была перададзена ў санктуарый у 2015 годзе біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам.
Санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліне быў створаны па просьбе біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна ў 2000 годзе. Асноўныя ўрачыстасці тут адбываюцца 13 мая і 13 кастрычніка — ва ўспамін першых і апошніх фацімскіх аб’яўленняў.
Першая ўрачыстасць ў гонар Маці Божай Фацімскай тут адбылася 13 мая 2000 г. пасля ўдзялення ў віцебскім касцёле першых у гісторыі дыяцэзіі прэзбітэрскіх пасвячэнняў. У ліку новапрэзбітэраў тады быў і будучы Віцебскі ардынарый Алег Буткевіч.
Урачыстасць праходзіла на стадыёне. Фігуру Маці Божай Фацімскай на стадыён уносілі святары-новапрэзбітэры. Напрыканцы ўрачыстасці ўсе атрымалі ружанцы і перад фігурай разам згаварылі адну таямніцу Ружанца. Тая фігура Маці Божай і да сёння знаходзіцца ў парафіі ў Шуміліне. Тады ж было вырашана пабудаваць у Шуміліне касцёл у імя Маці Божай Фацімскай. Гэтая справа была даручана святару з Докшыц а. Яну Фібеку OFMCap, які быў прызначаны пробашчам парафіі.
Неўзабаве пад санктуарый набылі недабудаваны будынак Дома культуры імя Леніна на ўскрайку пасёлка. Першапачаткова будынак будучай святыні планавалася зменшыць, аднак, бурыць сцены ў выніку не сталі. На сёння касцёл Маці Божай Фацімскай у Шуміліне дабудаваны.
У 2000 г. у в. Удзела па запрашэнні ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна вярнуліся айцы францішкане. Адсюль бярэ свой пачатак існаванне «беларускага Непакалянава». Варта адзначыць, што біскуп Уладзіслаў Блін, будучы падлеткам, прыходзіў у Калішу служыць да францішканаў як міністрант. Адзін з айцоў прыняў яго ў той час у Рыцарства Беззаганнай, таму ўжо пазней як Рыцар Беззаганнай біскуп развіваўся свой Непакалянаў.
24 чэрвеня 2002 г. адбылося адкрыццё кляштара Марыі Беззаганнай, тады ж быў асвячаны помнік св. Максіміліяну Марыё Кольбэ, у дольным касцёле адкрыты музей у яго гонар і ўладкавана батлейка. Пазней батлейку перанеслі ў асобнае памяшканне, дзе яна знаходзіцца і дагэтуль. Над стварэннем батлейкі працаваў брат Фелікс Грабовец з Польшчы, які пабудаваў яе па ўзоры той, што знаходзіцца ў Непакалянаве. Ідэя батлейкі ў тым, каб працаваць не толькі падчас святаў Божага Нараджэння, але на працягу ўсяго года.
У парафіі знаходзіцца і музей, прысвечаны святому Максімільяну Кольбэ. Тут няма асабістых рэчаў святога, як у польскім Непакалянаве, але ёсць вялікае імкненне расказаць пра святога — музей складаецца са стэндаў з фотаздымкамі і ксеракопіямі, кожныя з якіх прысвечаны асобнаму этапу жыцця святога. Першапачаткова іх рыхтаваў а. Юзаф Макарчык OFMConv для дэманстрацыі ў Гродне з нагоды 100-годдзя святога Максімільяна. Пазней стэнды былі перавезены ў в. Удзела.
З 2005 г., з моманту заснавання Міжнароднага фестываля каталіцкіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat, ва Удзеле праходзіць паказ фільмаў фестываля.
10 кастрычніка 2009 г. у межах святкавання 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі ў Віцебску адбылося асвячэнне новазбудаванага касцёла Езуса Міласэрнага. Літургію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. У цырымоніі акрамя ардынарыя Віцебскага біскупа Уладзіслава Бліна прынялі ўдзел кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія іерархі, святары з Італіі, Польшчы, Германіі, Чэхіі, ЗША, Аўстрыі, Францыі, Літвы, Украіны, Англіі. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся біскуп з Індыі Дэвэдас Эмброс.
18 чэрвеня 2011 г. па просьбе віцебскага ардынарыя і рашэннем Папы Бэнэдыкта XVI касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску атрымаў тытул катэдральнага касцёла Віцебскай дыяцэзіі. Да гэтага дня была прымеркавана працэсія Божага Цела. Перад Імшой Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зачытаў ліст Кангрэгацыі па справах Біскупаў аб абвяшчэнні святыні дыяцэзіяльнай катэдрай. Урачыстую літургію ў новай катэдры ўзначаліў прадстаўнік Бэнэдыкта XVI кардынал Робэр Сара, старшыня Папскай рады Cor Unum.
Асаблівым месцам для Віцебскай дыяцэзіі з’яўляецца невялікая памежная вёска Росіца — месца пакутніцкай гібелі благаслаўлёных росіцкіх пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Падчас акупацыі раёна ў 1943 годзе падчас аперацыі са здзеклівай назвай «Зімовая чароўнасць» акупанты адправілі на смерць больш за паўтары тысячы мірных жыхароў. Святары мелі магчымасць уратавацца, але засталіся са сваёй паствай да канца. У чэрвені 1999 г. папа Ян Павел ІІ абвясціў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча бласлаўлёнымі ў ліку 108 пакутнікаў Другой Сусветнай вайны.
Некалькі гадоў таму ў Росіцу прыехаў служыць айцец Чэслаў Курэчка МІС, які за гэты час упрыгожыў вёску — каля касцёла і на месцы гібелі росіцкіх пакутнікаў высаджана вялікая колькасць кветак.
У Росіцу на малітву часта прыязджае біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дзе праз заступніцтва благаслаўлёных пакутнікаў просіць апекі для Віцебскай дыяцэзіі.
У 2013 годзе ў кіраўніцтве дыяцэзіі адбыліся змены. 25 лютага 2013 года Папа Бэнэдыкт XVI прыняў адстаўку біскупа Уладзіслава Бліна як біскупа Віцебскай дыяцэзіі (біскупы маюць права пайсці ў адстаўку згодна з кан. 401 § 2 Кодэкса Кананічнага Права).
Пэўны час кіраванне дыяцэзіяй выконваў яе генеральны вікарый ксёндз прэлат Францішак Кісель. 29 лістапада папа Францішак прызначыў кс. Алега Буткевіча біскупам Віцебскім. 18 студзеня 2014 г. у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбылося біскупскае пасвячэнне новага ардынарыя, які абраў дэвізам свайго біскупскага служэння словы з Панскай малітвы Fiat voluntas Tua («Будзь воля твая»).
З першых дзён сваёй біскупскай паслугі віцебскі ардынарый распачаў актыўнае знаёмства з парафіямі у дыяцэзіі, яе пастырамі і вернікамі. З 2016 годзе у дыяцэзіі праходзяць кананічныя візітацыі ў парафіях, якія біскуп Віцебскі распачаў з усходняй часткі дыяцэзіі, дзе парафіяльныя структуры былі адроджаны ці створаны параўнальна нядаўна.
На сёння ў Віцебскай дыяцэзіі налічваецца 94 парафіі ў 11 дэканатах, у якіх служэнне нясуць 51 дыяцэзільны і 37 законныых святароў і 1 дыякан, а таксама 47 законных сясцёр і 2 законныя браты; у дыяцэзіяльных семінарыях навучаецца 3 клерыкі. Колькасць вернікаў Віцебскай дыяцэзіі складае прыкладна 170 тысяч чалавек.

Штогод у дыяцэзіі адбываюцца шматлікія пілігрымкі: у Нацыянальны санктуарый у Будславе (1-2 ліпеня), у дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе (жнівень), у санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (13 мая і 13 кастрычніка), у Росіцу (люты і жнівень).
Штогод у дыяцэзіі рэалізоўваюцца шматлікія праекты і мерапрыемствы як душпастырскага, так і культурнага, і евангелізацыйнага характару, многія з якіх — на працягу доўгага часу.
З 2000 г. у дыяцэзіі ў часе Адвэнту і святаў Божага Нараджэння праходзяць Дні хрысціянскай культуры. У іх межах з 2003 г. для дзяцей і моладзі ладзіцца дыяцэзіяльны конкурс калядных спеваў «Бэтлеемская зорка», а таксама дыяцэзільны конкурс батлеек.
З 2005 г. пры падтрымцы мясцовых уладаў праводзіцца Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat».
З 2005 г. Віцебская дыяцэзія супольна з кіраўніцтвам аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і аддзелам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама праводзіць Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Праблемы медыцынскай этыкі ў сучасным свеце».
У 2015 г. у дыяцэзіі пачалі праводзіць Парафіяду дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі.
З 2016 г. падчас Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага праходзіць экуменічнае набажэнства ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.
У душпастырскай працы ў дыяцэзіі вялікая ўвага ўдзяляецца працы з моладдзю, асабліва ў вялікіх гарадах. У апошні час даводзіцца ўлічваць і новыя рэаліі: шмат людзей пакідае вёскі, моладзь і сярэдняе пакаленне перасяляюцца ў гарады. У вёсках жа застаюцца людзі пераважна пажылога ўзросту.
Падрыхтавала Кацярына Лаўрыненка