Пастырскае пасланне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча на Вялікі пост

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!Ардынарый — біскуп Алег Буткевіч

Традыцыйным абрадам пасыпання нашых галоў попелам у мінулую сераду мы распачалі саракадзённы Вялікі пост — час падрыхтоўкі да святкавання Пасхальнай Таямніцы нашага Збаўцы Езуса Хрыста — Яго перамогі над грахом і смерцю. Таямніцы, да ўдзелу ў якой пакліканы кожны з нас, каб, ахвяруючы сябе разам з Хрыстом, мы маглі браць удзел і ў Яго Уваскрасенні.

40 дзён — гэта сімвалічны час пакутнага жыцця на зямлі, патрэбны для спаўнення благаслаўлёнай надзеі, які нагадвае нам пра перыяд блукання габрэйскага народа па пустыні перад уваходам у Абяцаную зямлю, крыху раней — час посту Майсея на гары Сінай, падчас якога ён атрымаў каменныя скрыжалі з Божымі запаведзямі.

Саракадзённым быў пост нінівіцянаў — папярэджаныя прарокам Ёнай яны ўратаваліся такім чынам ад пагрозы Божага гневу. Нарэшце пост Езуса Хрыста ў пустыні перад часам Яго публічнага навучання. 40 дзён трывала і суцяшэнне Апосталаў прысутнасцю Уваскрослага да Яго Унебаўшэсця, каб праз кароткі час яшчэ атрымаць з вышыні моц Святога Духа і стаць Касцёлам — уратаванай Абранніцай Найвышэйшага. Як бачым пост — гэта сродак, які Бог дае чалавеку, каб змяніць сваё жыццё, атрымаць прабачэнне і быць здольным адкідваць усялякае зло і выбіраць дабро.

Зло з’яўляецца злом таму, што гэта забойства Нявіннага Хрыста ў сабе ці іншым чалавеку! «Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ, і праслаўляем Цябе, бо праз Крыж і Муку Сваю свет адкупіў Ты!».

Час Вялікага посту — гэта час нашага вяртання да Бога, адзінага ў Тройцы: Айца і Сына, і Духа Святога. Час вяртання да адраджэння, якое здзейснілася праз ваду і Духа Святога ў хросце і канфірмацыі. Праз зварот ў памяці да збаўчай пакуты Хрыста і далучэнне да Яе праз учынкі міласэрнасці, акты пакуты і малітву дух ахвярнай і прабачаючай любові Божага Сына перамяняе нашае зямное жыццё ў Эўхарыстыю і ў знак падзякі, у новую песню хвалы для нашага Нябеснага Айца!

Першым крокам гэтага вяртання з’яўляецца міласціна, гэта азначае прабачэнне і дапамога тым братам і сёстрам, з якімі жывём і сустракаемся штодзень, і якія таго прабачэння і дапамогі ад нас патрабуюць так, як нярэдка і мы ад іх. Прабачыць і дапамагчы — гэта азначае не столькі падзяліцца тым, што маем, ці ўмеем, але перадусім адказаць згодай на адвечны пошук чалавекам чалавека — ахвяраваць свой час, сваю увагу, праявіць спагаду і зычлівасць.

Галоўнае — не стаць сляпым, як той багацей побач з домам якога ляжаў бедны Лазар, а багацей не знайшоў у сабе акрушыну добрай волі, каб заўважыць абяздоленага і дапамагчы яму.

У сваім пасланні на Вялікі пост папа Францішак піша: «Лазар вучыць нас, што другая асоба з’яўляецца дарам. Уласцівыя адносіны паміж людзьмі будуюцца з удзячнасцю і на прызнанні іх каштоўнасці. Таксама ўбогі пры браме багача не з’яўляўся перашкодай, якая бянтэжыла, але заклікам да пакуты і перамены свайго жыцця.

Першым заахвочваннем, на якое звяртае ўвагу гэтая прыпавесць — гэта заклік адчыніць дзверы нашага сэрца для іншай асобы, бо кожны чалавек з’яўляецца дарам, ці хтосьці нам блізкі, ці незнаёмы бядняк. Вялікі пост з’яўляецца спрыяльным часам, каб адчыніць дзверы кожнаму, хто знаходзіцца ў патрэбе і распазнаць у ім, або ў ёй, аблічча Хрыста». Гэтыя словы яшчэ раз падкрэсліваюць думку Святога Пісання аб тым, што нельга любіць Бога, якога не бачым, калі не любім тых, каго бачым. «Усё, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, вы Мне зрабілі». (Мц 25, 40б).

Другім крокам нашага навяртання да святасці з’яўляецца малітва. Як супольная малітва — Эўхарыстыя, Крыжовы шлях, Песні жальбы, малітва ў розных парафіяльных колах ці манаскіх супольнасцях, так і асабістая, калі молімся, разважаючы над словам Божым, або перажываючы перад абліччам Пана, у Яго прысутнасці цяжкі час стомленасці, хваробы, цяжкасці, унутранага змагання, грахоў…, слёз або радасці. Усё гэта, так як і нашае жыццё, павінна быць малітвай, трываннем у самоце перад Богам — са шчырым і пакорлівым сэрцам.

Дзейсным сродкам на шляху да паяднання з людзьмі і Богам, які аднаўляе, суцяшае і узмацняе, і нават адорвае здароўем, з’яўляецца сакрамэнт пакаяння (споведзь). Да прыняцця гэтага сакрамэнту Касцёл заахвочвае, а нават абавязвае нас асабліва ў часе Вялікага посту. Здараецца, што ў гэтым пытанні ўзнікае часовая аб’ектыўная перашкода, аднак, і ў гэтым выпадку трэба памятаць пра словы апостала Яна, які кажа: «…калі нашае сэрца асуджае нас, Бог ёсць большы за нашае сэрца…» (1 Ян 3, 20).

Нарэшце, трэці крок — гэта непасрэдна пост. Ён павінен заўсёды ісці разам з міласцінай і малітвай, бо без іх вельмі хутка ператворыцца ў самалюбны эгаізм, засяроджваючы чалавека на самім сабе і становячыся банальнай дыетай. Пост павінен датычыцца не толькі ежы і піцця, якія падтрымліваюць наш фізічны стан, але да ўсяго, што мы «спажываем», набываем, выкарыстоўваем, чаго прагнем і да чаго імкнёмся… Тады ён дапаможа нам быць больш стрыманымі ў заспакойванні нашых жаданняў, у панаванні над прагавітасцю і пажадлівасцю.

Практыкуючы пост, лягчэй пазбыцца дрэнных звычак, і, набываючы большую свабоду, наблізіцца да поўні чалавечнасці. Тым, хто нас па-сапраўднаму атуляе апекай і заспакойвае ўсе нашы патрэбы і прагненні, становіцца Бог. Разуменне гэтай праўды дазваляе адчуваць сябе па-сапраўднаму ў Яго бацькоўскіх руках і наноў адкрываць сваю годнасць — годнасць Божага дзіцяці, здольнага любіць, гэта значыць прымаць сябе і бліжняга як самога сябе. У гэтай любові, падараванай Богам і ачышчанай пакаяннем і ўстрыманнем, знаходзім сапраўдную радасць і супакой, якія толькі можна дасягнуць у гэтым свеце.

Шлях да Бога, да збаўлення, заўсёды ляжыць праз выпрабаванні. Пра гэта нагадвае нам і сённяшні фрагмент з Евангелля, які распавядае пра спакушэнні, якія перажываў на пустыні Божы Сын. Езус перамагае іх, цвёрда ведаючы, хто Ён, дзеля чаго прыйшоў і каму служыць. Няхай жа і нам спадарожнічае ў гэтым часе свядомасць, што, абраўшы аднойчы шлях веры, мы стаім на вернай дарозе, па якой прайшло так шмат нашых продкаў, якія не імкнуліся захаваць свайго жыцця на зямлі, а сёння ўжо аглядаюць Бога тварам у твар.

На гэтай дарозе побач з намі заўсёды крочыць Божая Маці, якая 100 гадоў таму ў Фаціме тлумачыла тром маленькім партугальскім пастушкам, што малітва, пакаянне і навяртанне — гэта шлях не толькі да асабістага збаўлення, але і выратавання гэтага свету ад знішчэння. Няхай нашы сэрцы будуць адкрытыя на гэты актуальны па сёння заклік Божай Маці, а Яе заступніцтва дапаможа нам вытрываць на дарозе пошуку Пана і паяднання з Ім.

Жадаю Вам, дарагія браты і сёстры, адвагі і мужнасці на гэты час Вялікапоснага духоўнага змагання! Давяраю ўсіх вас заступніцтву Багародзіцы і Святога Язафата і ўдзяляю вам пастырскае благаслаўленне: у Імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога!

+Алег Буткевіч
біскуп Віцебскі

(Гэтае пасланне неабходна прачытаць у парафіяльных супольнасцях Віцебскай дыяцэзіі ў Першую нядзелю Вялікага посту).